Агульныя звесткі.

Ватыкан  — незалежная дзяржава-горад і цэнтр Рымска-каталіцкага Касцела, рэзыдэнцыя яе главы — папы рымскага. Знаходзіцца ў заходняй частцы Рыму. 
Ватыкан, па сутнасці, ня мае свайго  сталаганасельніцтва. На яго тэрыторыі пражывае Папа, кіраўнікі Рымскай курыі, службоўцы ватыканскіх установаў, вайскоўцы Папскай швайцарскай гвардыі. 
Міжнароднае права вылучае тры структуры: Каталіцкі Касцёл, Апостальская Сталіца і Горад Ватыкан. Латэранскі трактат, падпісаны 11 лютага 1929 г., канчаткова вырашыў так званае «рымскае пытанне», пацвердзіўшы поўны суверэнітэт Апостальскай Сталіцы, і прызнаў тэрыторыю Горада Ватыкана ў якасці тэрытарыяльнай гарантыі духоўнай незалежнасці.
Тэрміны «Святы Пасад» або «Апостальская Сталіца» азначаюць сукупнасць улады, юрысдыкцыі і суверэнітэту, якімі надзелены Папа, што ўзначальвае Рыма-каталіцкі Касцёл і Горад Ватыкан. Выконваючы функцыю «цэнтральнага ўрада» Каталіцкага Касцёла, Апостальская Сталіца можа заключаць міжнародныя пагадненні і ажыццяўляць актыўныя і пасіўныя дыпламатычныя правы. У больш шырокім сэнсе пад Апостальскай Сталіцай разумеюць Рымскага Пантыфіка і ўстановы Рымскай Курыі.

Такім чынам, Апостальская Сталіца ўяўляе сабой вышэйшую іерархічную ўладу Рыма-каталіцкага Касцёла і Горада Ватыкана. Папа ажыццяўляе ўладу Апостальскай Сталіцы праз пасрэдніцтва Рымскай Курыі і разгалінаванага апарату кіраўніцтва.
Афіцыйныя мовы — лацінская (у паўсядзённым жыцьці на ёй амаль ніхто не гаворыць і яна выкарыстоўваецца выключна ў афіцыйных друкаваных дакумэнтах Ватыкану й падчас набажэнстваў). У дыпламатычнай перапісцы выкарыстоўваецца французская. Паўсядзённымі і гутарковымі па частаце ўжывання з'яўляюцца: італьянская, іспанская, англійская, нямецкая і французская мовы. Грашовая адзінка — эўра. Папская дзяржава па дагаворы з урадам Італіі ў абмежаваных маштабах чаканіць таксама ўласную манету — ватыканскіэўра, прызначаны ў асноўным для нумізматаў.

Гісторія.

У антычнасці тэрыторыя Ватыкана не была населена, таму што ў Старажытным Рыме гэта месца лічылася святым. У 326 годзе, пасля прыходу хрысціянства, над меркаванай грабніцай святога Пятра была ўзведзена базыліка Канстанціна, і з тых часоў гэта месца стала засяляцца.
Гістарычна цяперашні Ватыкан стаў спадчыннікам Папскай вобласці. У 756 годзе франскі кароль Піпін Кароткі (бацька Карла Вялікага) у выніку супрацьборства з лангабардамі і візантыйцамі падарыў папу Стэфану II Рым і некалькі правінцый у цэнтральнай Італіі, што склала гістарычнае ядро Папскай дзяржавы, так званай «спадчыны святога Пятра»

Ватыкан на сённяшні дзень з'яўляецца самым старым дзяржаўным утварэннем. Інстытуты ягонай дзяржаўна-касцёльнай улады наўпрост ўзыходзяць да Рымскай імпэрыі. Папская дзяржава спыніла сваё існаванне 20 верасьня 1870 году, калі войскі караля Эмануіла II Савойскага падчас завяршэння аб’яднання краіны ўвайшлі ў «вечны горад» і абвясцілі яго сталіцай Італіі. Папа катэгарычна не пагадзіўся з гвалтоўным захопам Рыму і не прызнаў ягоную анэксію. Паўстала «рымскае пытанне».
Пасля працяглага пэрыяду непаразумення паміж урадам Італіі і Святым Прастолам бакі пайшлі на ўрэгуляванне адносінаў. 11 лютага 1929 году былі падпісаныя Латэранскія дамовы (Канкардат), паводле якіх прызнавалася суверэннасць ватыканскай дзяржавы. У 1984 годзе Італія і Ватыкан падпісалі новы Канкардат. У адрозненне ад папярэдняга, паводле якога каталіцызм афіцыйна аб’яўляўся дзяржаўнай рэлігіяй, новы канкардат надае італьянцам фармальна поўную волю выбару рэлігіі.

Дзяржаўны лад.

З пункта погляду дзяржаўнага ладу Ватыкан — абсалютная тэакратычная манархія, якая не перадаецца паводле спадчыны. Глава дзяржавы — папа рымскі. У выпадку ягонай адсутнасці або смерці, справамі Ватыкану кіруе камерленг Святога Рымскага Касцела, выконваючы ролю месцаназіральніка ў папярэдні час перад выбарам новага папы. Папу належыць вярхоўная заканадаўчая, выканаўчая і судовая ўлада. У ягоную кампэтэнцыю ўваходзіць прэзэнтацыя Ватыкана ў міжнародных адносінах, заключэнне, ратыфікацыя і дэнансацыя міжнародных дагавораў і канкардатаў, прыём дыпламатычных прадстаўнікоў і прызначэнне прадстаўнікоў Ватыкану ў іншых краінах. Папа абіраецца пажыццёва калегіяй кардыналаў. Абранне здзяйсняецца на канклаве (лац. «пад ключом») з ліку кардыналаў шляхам таемнага галасавання большасцю ня меней за дзве трэці галасоў.

Вышэйшыя кансультатыўныя органы Ватыкана: Сусветны сабор Рымска-каталіцкага касцела, Калегія кардыналаў і Біскупскі сінод. Сусветны (або Ватыканскі) сабор склікаецца пэрыядычна раз у некалькі дзясяткаў гадоў для абмеркавання найболей важных касцельных праблем. Апошні сабор склікаўся ў 1962—1965 гадах (21 Сусветны або Ватыканскі сабор).
Калегія кардыналаў збіраецца для абмеркавання найболей важных касцельных справаў і для выбараў Папы. Падчас абрання пантыфіка ў калегіі (канклаве) могуць удзельнічаць толькі кардыналы маладзейшыя за 80 гадоў, прызначаныя Папам пажыццёва.

Дзяржаўныя сімвалы.

Герб Ватыкана - дзяржаўны сімвал Ватыкана, уяўляе сабой шчыт чырвонага колеру, на якім намаляваныя два перакрыжаваных ключа (ад Рая і Рыма). Над ключамі размешчана папская тыяра.

 Сцяг Ватыкана прыняты 7 чэрвеня 1929 папам Піем XI ў год падпісання Латэранскіх пагадненняў і стварэння незалежнай дзяржавы Святога Пасада. Сцяг быў створаны па ўзоры сцяга Папскай вобласці (узору 1808) і ўяўляе сабой квадратнае палотнішча, якое складаецца з двух роўнавялікіх вертыкальных палос - жоўтай і белай. У цэнтры белай паласы - герб Ватыкана (два перакрыжаваных ключа пад папскай тыярай).


Пантыфікальны гімн і марш (лац. Hymnus et modus militaris Pontificalis, італ. Inno e Marcia Pontificaleй) - дзяржаўны гімн Ватыкана, які складаецца з двух частак: першая на лацінскай мове, якая з’яўляецца дзяржаўнай мовай Ватыкана, другая - на італьянскай. Тэкст на італьянскай мове належыць Антоніа Алегра (1905-1969), на лацінскай - Рафаэле Лаванам (н. 1918). Музыку для Пантыфікальнага маршу напісаў Шарль Гуно (1818-1893) у гонар залатога юбілею служэння ў свяшчэнным сане Папы благаславёнага Пія IX, які адзначаўся ў 1869 годзе. У якасці дзяржаўнага гімна гэтая кампазіцыя была прынята ўказам Папы Пія XII (які пераназваў яе ў Пантыфікальны гімн) і ўпершыню выкананая на Каляды 24 снежня 1949 года.

Святы Айцец.

Слова «Папа» азначае Біскуп Рыма, які з'яўляецца найвышэйшым кіраўніком Каталіцкага Касцёла. Кожны абраны Папа як біскуп з'яўляецца наступнікам святога Пятра. Яму падпарадкоўваецца духавенства ўсяго каталіцкага свету. Папа выступае пасланнікам самога Бога і валодае найвышэйшай уладай ва ўсім Касцёле. Яна носіць назву прымату — першынства ва ўсім. Валоданне Папам гэтай уладай асноўваецца на біблійных падставах.

Касцельная традыцыя разглядае Папу як пераемніка св. Пятра. Папа збірае Саборы і зацвярджае іх рашэнні, надае годнасці кардыналам і епіскапам, яму падпарадкоўваюцца генералы манаскіх ордэнаў. Папа з'яўляецца абсалютным манархам дзяржавы Ватыкан, дзе знаходзіцца ягоная рэзідэнцыя.
Папа з'яўляецца главою Рыма-каталіцкага Касцёла і ўсходніх Каталіцкіх Касцёлаў. Годнасць Папы з'яўляецца пажыццёвай, аднак ёсць магчымасць дабравольна ад яе адрачыся, як гэта было ў выпадку з Бенедыктам XVI, які ў 2013 годзе адмовіўся ад пасады. Пасля смерці або адмаўлення Папы склікаецца канклаў — сход кардыналаў для абрання новага Папы.
У Каталіцкім Касцёле ўлада Папы мае выключны характар. Словамі канстытуцыі «Pastor aeternus» 1870 года яе можна акрэсліць наступным чынам: «найвышэйшая і поўная ўлада юрысдыкцыі над паўсюдным Касцёлам аднолькава як у справах веры і маральнасці, так і ў справах дысцыпліны і кіравання», а таксама ўлада «праўдзіва біскупская, звычайная і непасрэдная над кожным без выключэння Касцёлам і над кожным без выключэння святаром і вернікам, незалежна ад якой-небудзь чалавечай улады» (Кан. 218, № 1–2). Навучанне Папы з'яўляецца беспамылковым толькі ў сферы веры і маральнасці. Сваю ўладу Папа здзяйсняе праз пасрэдніцтва Рымскай Курыі, якая мае права на вырашэнне асабліва складаных спраў.


Прывілеем Папы з'яўляецца скліканне Паўсюднага Сабору. Гэта сход усіх біскупаў, які ўзначальвае Папа і які зацвярджае рашэнні Паўсюднага Сабору.
Біскупы ў еднасці з Папам утвараюць Настаўніцкі Інстытут Касцёла, мэта якога заключаецца ў бездакорным пераказванні Евангелля і захаванні без скажэння даручанай Касцёлу веры.
Папу служыць таксама найвышэйшая судовая ўлада. Яна разглядае спрэчкі, якія датычаць сапраўднасці сужэнства, манаскіх абяцанняў ці права на навучанне каталіцкай тэалогіі ў школах.
Папа Рымскі абіраецца пажыццёва канклавам кардыналаў. Гэтыя выбары маюць старажытную гісторыю і акружаныя таямніцай. Паводле правілаў, устаноўленых у 1975, канклаў не можа складацца больш чым з 120 кардыналаў, і ў выбарах Папы не могуць браць удзелу кардыналы старэйшыя за 80 гадоў. Выбары Папы праводзяцца ў абстаноўцы сакрэтнасці. За абнародаванне інфармацыі аб ходзе дэбатаў на канклаве парушальніку пагражае адлучэнне ад касцела.



Галасаванне праходзіць у Сікстынскай капэле. Кардыналаў зачыняюць да таго часу, пакуль яны не прымуць рашэння. Само слова «канклаў» азначае «замкнёны пакой». Працэс можа заняць некалькі дзён. Здаралася, што канклавы працягваліся тыднямі і нават месяцамі, некаторыя кардыналы не дажывалі да іх канца. Пасля пачатку канклава кардыналу забаронены кантакт з навакольным светам, за выняткам выпадкаў, калі патрабуецца неадкладная медыцынская дапамога. Увесь абслугоўвачы персанал таксама дае клятву маўчання.
У дзень пачатку працы канклава працэсія кардыналаў кіруецца ў Сікстынскую капэлу. Тут у кардыналаў будзе магчымасць правесці першае галасаванне, якое дазволіць высветліць, якою падтрымкай карыстаецца кожны з кандыдатаў на вышэйшую пасаду ў Касцёле. Асноўнае галасаванне пачынаецца раніцай наступнага дня. З гэтага моманту галасаванне будзе праводзіцца 4 разы на дзень — два раніцай і два ўвечары — пакуль кардыналы не абяруць новага пантыфіка. Імёны кандыдатаў пішуць на лістку паперы, імкнучыся рабіць гэта так, каб ніхто не мог здагадацца, чыё імя ўпісваецца. Пасля кожнага другога галасавання бюлетэні з імёнамі кандыдатаў спальваюць. Робіцца гэта пасля абеду і ўвечары, прычым да папер дадаюцца спецыяльныя рэчывы, каб людзі, якія будуць сачыць за выбарамі звонку, былі ў курсе таго, што адбываецца: калі дым чорны - значыць, Папа яшчэ не абраны, белы ж дым азначае, што ў каталікоў свету ёсць новы кіраўнік.


Раней новага Папу выбіралі большасцю ў дзве траціны галасоў. Ян Павел II унёс у Апостальскую Канстытуцыю 1996 года змяненні, якія дазваляюць абраць Папу простай большасцю галасоў, калі абраць новага пантыфіка не атрымліваецца пасля 30 раўндаў галасавання.
Новы пантыфік затым выбірае сабе царкоўнае імя, апранае папскую мантыю і вітае вернікаў з балкона Сабора Святога Пятра.
Дзейным папам рымскім з’яўляецца Францішак.

Папа Францішак (Хорхе Марыя Берголья) паходзіць з Лацінскай Амерыкі. Ен з’яўляецца першым Пантыфікам-езуітам. Папе Францішку 76 гадоў. Яго папярэднік, сённяшні Рымскі Пантыфік на пенсіі Бэнэдыкт XVI, 11 лютага падчас кансісторыі ў Апостальскай Сталіцы, абвясціў аб сваім рашэнні скласці з сябе паўнамоцтвы Наступніка святога Пятра. 

Папа Францішак нарадзіўся 17 снежня 1936 г. у Буэнас-Айрэсе (Аргенціна) у сям'і італьянскага эмігранта — работніка чыгункі. Належыць да Ордэна езуітаў, у які ўступіў 11 сакавіка 1958 г. У 2005–2008 гг. узначальваў епіскапат Аргенціны. Да абрання — арцыбіскуп Буэнас-Айрэса і Прымас Аргенціны. Член Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, Кангрэгацыі па справах Духавенства, Кангрэгацыі інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця, Папскай рады па справах сям'і.
Папа Францішак абраны на адным з самых кароткіх канклаваў у гісторыі — на другі яго дзень.

Рымская Курыя.

Рымская Курыя (ад лат., іт. — Curia Romana) — галоўны адміністрацыйны орган Апостальскай Сталіцы. Асобныя ведамствы Рымскай Курыі ад імя і ўладаю Папы Рымскага адказваюць на пытанні, разглядаюць прапановы, апеляцыі, скаргі, просьбы, накіраваныя ў адрас Апостальскай Сталіцы, выносяць распараджэнні, рашэнні або загады, выступаюць з разнастайнымі прапановамі і г. д.
Курыя складаецца з Дзяржаўнага Сакратарыяту Апостальскай Сталіцы, які ў сваю чаргу падзяляецца на два аддзелы (1-ы аддзел— агульных спраў, 2-і аддзел— па адносінах з дзяржавамі), 9 Кангрэгацый, 3 Трыбуналаў, 12 Папскіх радаў, 4 Папскіх камісіі. Акрамя гэтага, ёсць таксама Сінод Біскупаў, Кадравая служба пры Апостальскай Сталіцы і іншыя гістарычна сфарміраваныя ўстановы.


Дзяржаўны Сакратарыят накіроўвае і каардынуе дзейнасць Курыі. Пасада Дзяржаўнага сакратара, які з’яўляецца галоўнай асобай пасля Папы, суадносная з пасадай прэм’ер-міністра ў іерархіі свецкай улады.
Сярод структурных падраздзяленняў Курыі найбольш важнымі з’яўляюцца Кангрэгацыя Веравучэння, Кангрэгацыя па справах Духавенства, якая кіруе прызначэннем біскупаў па ўсім свеце, Кангрэгацыя Евангелізацыі Народаў, якая каардынуе ўсю місіянерскую дзейнасць, а таксама Папская рада справядлівасці і спакою.
Прэфектура па эканамічных пытаннях каардынуе бюджэт структурных установаў Апостальскай Сталіцы і кіруе «Спадчынай Апостальскай Сталіцы» — інвестыцыйным фондам, створаным на аснове Латэранскіх пагадненняў. Камісія з 15 кардыналаў, падначаленая Дзяржаўнаму сакратару, кантралюе ўсе фінансавыя пытанні Апостальскай Сталіцы, у тым ліку дзейнасць «Інстытута па справах рэлігіі» — банка Ватыкана.

Эканоміка.

Ватыкан мае некалькі асноўных крыніцаў прыбыткаў, галоўным з іх ёсць Інстытут рэлігійных справаў, які, фактычна, з’яўляецца ватыканскім банкам, бюджэт якога складае штогод некалькі млрд. даляраў ЗША.
Банкамат гэтага банку маюць інтэфрэйс на лацінскай мове, які, напэўна, зэяўляецца адзіным такім банкаматам у свеце. Сярод іншых крыніцаў прыбытку варта адзначыць ахвяраванні вызнаўцаў і фінансавая і эканамічная дзейнасьць уласных прадпрыемстваў. Акрамя таго Ватыкан мае прыбытак ад продажу паштовых марак, манэтаў, мэдалёў і сувеніраў турыстам, а таксама паступленні ад музеяў і публікацый.


Святы Пасад здзяйсняе шырокую прадпрымальніцкую дзейнасць, у тым ліку фінансавую. Валодае значнай нерухомасцю ў Эўропе, Лацінскай Амэрыцы, супрацоўнічае з міжнароднымі банкамі і манаполіямі. Каля 3/4 капіталаў Ватыкану ўкладзена ў Італіі. Толькі ў Італіі яму належыць 482 тысяч га апрацоўваемых плошчаў, уключаючы некалькі тысяч гектараў у раёне Рыму. Значная частка нерухомасці «вечнага гораду» таксама належыць Ватыкану праз шэраг страхавых кампаніяў.

Ватыкан выпускае ўласныя манеты. Ён выкарыстоўвае эўра ў якасці сваёй валюты з 1 студзеня 1999 году. 

Групы паломнікаў, якія прыбываюць у Ватыкан з розных краін свету і турысты ўносяць свой унёсак у бюджэт Святога Пасаду. Штогод ягосума ў сярэднім складае каля 90 млн. даляраў ЗША.

Транспарт.

Ватыкан мае даволі добра развітую транспартную сетку з улікам сваіх памераў, якія складаюцца ў асноўным з плошчы тратуара. У краіне, якая мае 1,05 км.  у даўжыню і 0,85 км у шырыню, яна мае невялікую транспартную сыстэму, без аэрапортаў або шашы. У Ватыкане месціцца адна гэлікоптэрная пляцоўка і чыгуначная станцыя, якая належыць да італьянскай чыгуначнай сеткі і цягнецца па тэрыторыі Ватыкана усяго 300 мэтраў.

  

Папа Ян XXIII быў першым Папам, як пачаў выкарыстоўваць гэтую чыгунку. Ян Павал II таксама выкарыстоўваў яе, але даволі рэдка. Чыгунка ў асноўным выкарыстоўваецца для перавозкі грузаў. Ватыкан не мае аэрапортаў, з’яўляючыся такім чынам адной з нешматлікіх незалежных дзяржаваў у сьвеце без аэрапорту, але аэрапорты Рыма абслугоўваюць Ватыкан.

Культура.

Ватыкан з’яўляецца домам для некаторых з самых вядомых твораў мастацтва ў свеце. Базыліка Святога Пятра, якую паслядоўна будавалі такія архітэктары як Даната Брамантэ, Мікеланджэла, Джакама дэла Порта, Карлё Мадэрна і Джавані Ларэнца Бэрніні з’яўляецца вядомым творам архітэктуры эпохі Адраджэння. Сыкстынская капэла знакаміта сваімі фрэскамі, якія ўключаюць у сябе творы П’етра Пэруджына, Дамэніка Гірландаё і Сандра Батычэллі, а таксама вядомая праца Мікеланджэла Страшэнны суд на столі капэлі. Сярод вядомых мастакоў, якія ўпрыгожвалі інтэр’еры Ватыкана варта адзначыць таксама Рафаэля і Фра Анжэліка.



Пры Ватыкане дзейнічаюць Папская акадэмія навук, створаная ў 1603 годзе), якая падпарадкоўваецца непасрэдна Папе і мае сваёй мэтай садзейнічаць даследаванням у вобласці фізікі, матэматыкі і прыродазнаўства, а таксама Папская акадэмія сацыяльных навук. Папскія акадэмікі прызначаюцца Папам з ліку вядомых навукоўцаў у вобласьці матэматычных і прыродазнаўчых навук. 
Ватыкан выдае сотні газет і часопісаў у розных краінах. Афіцыёз Ватыкану — штодзённая газета «Асэрваторэ рамана», якая мае наклад каля 50 тысяч адзінак. У Святога Пасаду маецца сваё агенцтва друку — Аджэнцыя Інтэрнацыянале Фідэс (АІФ). Радыё Ватыкана вядзе свае перадачы на 41 мовах, у тым ліку і на беларускай мове, у большасці краін свету, у тым ліку у краінах СНД. Пры Ватыкане маецца «Ватыканскі тэлевізійны цэнтр» («Тэлепачэ»). З 1996 году Ватыкан падключаны да сеткі інтэрнэт.

Рэдакцыя парталу "УКасцёле"

разам з Беларускай Вікіпедыяй
 
Наверх