Кожны глава Рымска-каталіцкай царквы мае свой асабісты герб, які служыць сімвалам яго пантыфікату.

 Першы варыянт герба Папы Рымскага Францішка
Гербы ўсіх нядаўніх рымскіх Пап утрымлівалі выяву Папскай тыяры. Бенедыкт XVI змяніў гэту геральдычную традыцыю і выкарыстаў замест тыяры мітру і паліум. Папа Францішак таксама змясціў на гербе мітру, але ж ў асноўным Пантыфік вырашыў пакінуць, у якасці свайго герба, той, які ён меў будучы арцыбіскупам: ў цэнтры блакітнага шчыта манаграма Езуса Хрыста, прадстаўленая ў тыповай для ордэна езуітаў графічнай форме – у выглядзе сонца, на якім размешчаны тры літары “IHS”. Літара “H” увенчана крыжам, а пад ёй выява трох цвікоў. У ніжняй частцы гербу размешчаны выявы зоркі і гронкі вінаграду. Зорка, паводле старадаўняй геральдычнай традыцыі сімвалізуе Панну Марыю, Маці Хрыста і Касцёла, а кветка нарда – св. Юзафа, апекуна Паўсюднага Касцёла. У іспанскай іконаграфіі ён часта прадстаўляецца менавіта з вінаграднай гронкай у руках. Змяшчаючы гэтыя выявы на сваім гербе, Папа Францішак выражае сваю асаблівую пашану і любоў да Панны Марыі і св. Юзафа. Гербавы шчыт, увенчаны сімваламі папскай годнасці, аўтэнтычнымі тым, якія ўпрыгожвалі герб Бэнэдыкта XVI – гэта значыць без тыяры, але з мітрай, дзвюма ключамі – залатым і сярэбраным і чырвонай вяроўкай.

Дэвіз Святога Айца, “Miserando atque eligendo” (Паглядзеў з міласэрнасцю і выбраў) з’яўляецца выразам з гаміліі св. Беды, які каментуючы евангельскі фрагмент аб пакліканні св. Мацвея казаў: “Езус убачыўшы мытніка і паглядзеўшы на яго з любоўю, выбраў яго і сказаў: “Ідзі за мной”. (Vidit ergo lesus publicanum et quia miserando atque eligendo vidit, ait illi Sequere me). Словы на гербе папы азначаюць “Паглядзеў на яго з міласэрнай любоўю, ужо прадбачыўшы яго абранне”. Яны ўжываюцца ў Літургіі гадзін на свята св. Мацвея і звязаны з пакліканнем самаго Папы. У 1953 г., ён будучы 17-гадовым хлопцам, асабліва адчуў любячую прысутнасць Бога ў сваім жыцці і пасля споведзі, адчуў як Божая міласэрнасць дакранулася да яго сэрца і кліча да кансэкраванага жыцця па прыкладзе св. Ігнацыя Лаёлы. Калі Хорхе Берголія быў абраны біскупам, ён змясціў словы св. Беды на сваім гербе.

 Афіцыйны герб Папы Рымскага Францішка
Але ж праз некаторы час на афіцыйным ватыканскім сайте была апублікавана новая версія гербу папы Францішка, куды былі ўнесены некаторыя змены ў параўнанні з першапачатковым варыянтам. Яны датычаць перш за ўсё зоркі, якая размешчана ўнізе блакітнага шчыта; яна была зменена з пяціканцовай на васьміканцовую, каб атрымаць такім чынам сімволіку 8 благаслаўленняў. Акрамя таго, графічна была зменена кветка нарда, што азначае, святога Юзафа, апекуна паўсюднага Касцёла. Цяпер гэты элемент больш адпавядае выгляду індыйскай расліны. Нарэшце, дэвіз “Miserando atque eligendo” (Паглядзеў з міласэрнасцю і выбраў) быў змешчаны на бела-чырвонай стужцы і выкананы іншым шрыфтам. Змены не закранулі эмблемы Ордэна езуітаў з манаграмай Хрыста. Трэба нагадаць, што герб папы Францішка, які ў значнай ступені заснаваны на яго біскупскім варыянце, мае традыцыйныя папскія геральдычныя элементы: ён увенчаны біскупскай мітрай, пад якой знаходзіцца выява ключоў св. Пятра, сярэбранага і залатога.

Паводле Беларускай Вікіпедыі і Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
 
Наверх